Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

прыкл., вершы „Ізноў пабачыў я сялібы“ і „Споўненае абяцаньне“ (разьдз. I, № № 49, 50). Вывучэньне гэтае крыніцы творчасьці М. Багдановіча, г. зн. віленскіх і вясковых яго ўражаньняў, перажытых улетку 1911 г., становіць таксама конкрэтнае заданьне дасьледчыку данага пытаньня; але для выкананьня гэтага заданьня пакуль няма выстарчальнае колькасьці матар‘ялу, г. зн., у меншай меры, адпаведных успамінаў аб бытаваньні поэты ў Вільні і ў сялібе дзядзькі А. Луцкевіча (успаміны В. Ластоўскага даюць для гэтай мэты мала даведак). Таксама-ж, пакуль ня высьветлены даволі конкрэтна і крыніцы вершаў М. Багдановіча, прысьвечаных гістарычнай Беларусі і таксама навеяныя паездкаю 1911 г. Дасьледчык творчасьці М. Багдановіча, вядома, установіць, пад якімі бліжэйшымі ўражаньнямі напісаны такія, прыкл., вершы, як „Кніга“ (разьдз. II, № 125), што мае на ўвазе пэўны кніжны помнік, з якім поэта мог азнаёміцца ў Вільні, ці верш „Безнадзейнасьць“ (аддз. II, № 127), зьвязаныя з традыцыяй аб асобе Фр. Скарыны. Крыніца вершу „Слуцкія ткачыхі“ (аддз. II, №№ 126а і 126б) больш выразная: гэта — бясспрэчна, самыя орыгіналы паясоў, што ён бачыў у Вільні, і тая гістарычная даведка, якую ён там наконт іх атрымаў. Даведка аказалася недакладнай і прымусіла поэту паграшыць супрочь гісторыі (гл. т. I, увагу да верш. №№ 126а і 126б), але той мастацкі вобраз, што склаўся на гэтай аснове, атрымаўся закончаным у тэме і павабным у сваёй маляўніча-эмоцыянальнай апрацоўцы. Іншыя крыніцы твораў М. Багдановіча на беларускія тэмы маюць ужо пераважна кніжны характар: іх трэба шукаць у тых кнігах, — галоўным чынам, у навуковых творах і зборніках па беларусазнаўству, над якімі ён працаваў у старэйшых клясах гімназіі і асабліва ў гады навучаньня ў Яраслаўскім Ліцэі, а таксама ў зносінах яго з некаторымі блізкімі яму асобамі, як А. К. Кабанаў, якія маглі даць яму той ці іншы матар‘ял у даным кірунку; перапіска яго з беларускімі пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі таксама дае ў гэтых адносінах некаторы матар‘ял дасьледчыку. Гэта таксама адна з конкрэтных тэм агульнага пытаньня аб крыніцах творчасьці М. Багдановіча.