Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

поэзіі М. Багдановіча ўласьцівы і вершаваныя творы, прысьвечаныя агульна-людзкім проблемам, пераважна псыхолёгічнага характару, дык трэба думаць пра наяўнасьць у яго творчасьці яшчэ і трэцяе крыніцы (апрача дзьвёх, ужо паказаных), якая азначала гэтую трэцюю групу яго тэм. Трэба ўзяць пад увагу, што апрацоўка і асьвятленьне тэм гэтае групы адрозьніваецца некаторым налётам пэсымізму. Пэсымізм наогул быў уласьцівы тэй групе інтэлігенцыі, да якой толькі што мы залічылі М. Багдановіча. Для адных крыніцаю гэтага пэсымізму была рэакцыйная эпоха канца XIX сталецьця і той грамадзкі індэфэрэнтызм, які парадзіла гэтая эпоха; у другіх пэсымітычны настрой жывіўся філёзофіяй Гартмана і Шопэнгаўэра і нават Ніцшэ; трэція сваеасаблівую сымфонію пэсымізму падслухалі ў сучаснай ім сымболістычнай поэзіі асабліва ў францускіх сымболістаў. Пры гэтых адменнасьцях агульным у інтэлігентаў-пэсымістаў канца XIX — пачатку XX стал. было тое, што яны падыходзілі да хворых пытаньняў, якія мучылі іх, не з соцыяльна-культурнага, а з філёзофскага і псыхолёгічнага погляду і ў такой уласна роўніцы разьвязвалі пытаньні аб каштоўнасьці чалавечага пачуцьця, чалавечае думкі, волі, чалавечае моралі і да т. п. Гэты павеў эпохі бясспрэчна захапіў і М. Багдановіча, — адным, прынамсі, крылом. У поэзіі яго маюць месца і пэсымістычныя мотывы. Крыніцы яго пэсымізму былі падвойнага роду — і соцыяльна-культурнага, і чыста-літаратурнага характару. Першую крыніцу трэба шукаць у ўмовах соцыяльна-культурнага быту яго бацькаўшчыны, гістарычны лёс якое ён перажываў дужа чула і нават хваравіта, хоць і браў пасільны яму ўдзел у яе адраджэньні. Другая крыніца крыецца ў сымболізьме, асабліва ў францускім, і ў прыватнасьці ў Вэрленаўскім, таму што якраз у Верлена М. Багдановіч сустрэў тое пэсымістычнае сьветаразуменьне, з якім у яго псыхіцы знайшліся некаторыя агульныя перажываньні. Азначаючы гэты пэсымізм, як адбітак эпохі, як forme d‘esprit таго часу, трэба прызнаць, што М. Багдановіч аддаў яму вядомую даніну, але разам з тым удвая яго перамог: смутак аб лёсе бацькаўшчыны ў яго саступаў месца надзеям