Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

гічная крытыка з поўным правам шукае ў творах мастацтва. У гэтым пункце якраз і знаходзіцца ўласьцівая М. Багдановічу асаблівасьць яго тэматыкі беларускае прыроды: ён удала схоплівае якраз яе абагульняючыя рысы і дае звычайна сьціслыя, але ў той жа час, бязумоўна, тыповыя, зарысоўкі беларускіх краявідаў і пэйзажаў. Гэта тым больш зварочвае на сябе ўвагу, што поэта да 1911 году ня бачыў беспасрэдна беларускае прыроды, а пазнаваў яе апасрэднымі шляхамі (цераз апавяданьні другіх асоб, апісаньні, ілюстрацыі і г. д.). І тым ня менш даволі прачытаць некалькі юнацкіх яго вершаў, якія напісаны яшчэ да 1911 году, напр. „Лясун“ (№ 11) „Старасьць“ (№ 12), „Асеньняй ноччу“ (№ 14), „Падвей“ (№ 15) і г. д., каб схапіць агульны колёрыт і нават агульныя вобразныя адзнакі пэйзажу беларускага лесу і поля. Поэта не дэталізуе сваіх малюнкаў, таму што ён піша не на аснове асабовага вопыту, а больш па здагадцы, інтуіцыйна; ён опэруе тут нязначным лікам мазкоў і контураў для сваіх зарысовак (цёмная пушча, мох, сьпелая брусьніца, галіны вальхі і г. д.), але, дзякуючы ўдачлівай композыцыйнай растаноўцы і адпаведнай рытміцы і рыфмоўцы, ад гэтых нязначных лікам і нескладаных элемэнтаў малярства атрымоўваецца закончанае тыповае цэлае, якое робіць уражаньне конкрэтнасьці і колёрытнасьці. У наступныя гады, калі ў яго, дзякуючы паездцы на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, набраліся ўласныя ўражаньні ад беларускае прыроды, яго малюнкі сталі прыкметна деталёвей, але захавалі гэты пераважны ўхіл у бок абагульненьня і тыпізацыі. У гэтых адносінах, як прыклады, асабліва цікавы вершы „Ізноў пабачыў я сялібы“ (№ 49, 1913 г.), „Споўненае абяцаньне“ (№ 50, 1913 г.), „У вёсцы“ і „Вэроніка“ (№№ 183—184, 1911-12 г.); у гэтых вершах зарослая травой сяліба, прарэзаны чыгуначным насыпам і заліты сонцам бор, убогі вясковы краявід з крывой ігрушай і рознакалёрным макам, адзічэлы сад пры старасьвецкім доме — усё ўзьведзена ў шэраг няштучна-простых і ў той-жа час мастацка закончаных тыповых малюнкаў, якія бязумоўна даюць чытачу пазнаньне беларускае прыроды, узятай у мастацкіх абагульненьнях.