Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

турная спадчына М. Багдановіча“ — „Полымя“ 1927, № 3) я прыводзіў некаторыя прыклады сваеасаблівай апрацоўкі ў М. Багдановіча тэматыкі прыроды. Малюнак прыроды спачатку ажыўляецца ў яго мітатворчым зьместам, а затым і малюнак прыроды і народны міт яднаюцца ў адным ідэёва-псыхолёгічным аформаваньні, якое падказана сьветаадчуваньнем поэты і ў прыватнасьці яго адчуваньнем прыроды. Я напомню гэтыя прыклады — вершы „Возера“ і „Над возерам“ (т. I, №№ 92 і 93). У першым з іх малюнак прыроды ажыўляецца мітам аб лясуне, прычым і малюнак прыроды і міт зьвязаны ў адно мастацкае цэлае думкай аб мінулым даўнейшым, у якое сіліцца заглянуць сучаснае. У другім — таксама малюнак прыроды, якая ўся ажыўлена і стылізавана ў духу жывой мітычнай сцэны (русалкі, якія забаўляюцца ў праменьнях месяца), а абодвы малюнкі, зьлітыя ў адно цэлае, прасякнуты адным настроем усёпераможнай цішыні і спакою ночы. Такіх прыкладаў можна прывесьці даволі многа. Уважлівы чытач знайдзе падобную-ж апрацоўку тэмы ў вершах „Лясун“ — № 11, „Старасьць“ — № 12, „Вадзянік“ — № 94, „Дзесь у хмарах“ — № 107, „Падымі у гару сваё вока“ — № 113 і інш.

Гэта трохскладаная або, так сказаць, трыадзіная пабудова малюнкаў прыроды ўжываецца М. Багдановічам ня толькі тады, калі ў яго тэму ўваходзяць элемэнты народнай мітатворчасьці, але і ў іншых выпадках, г. зн. калі няма наяўна мітычных вобразаў і ўяўленьняў, з тэй толькі розьніцай, што тады на месца народнай міталёгіі поэта ўводзіць сваё анімізаваньне прыроды, і такім чынам композыцыя яго малюнкаў няўхільна захоўвае сваю сваеасаблівую складанасьць. Прыкладамі можна прывесьці наступныя вершы: „Вось і ноч“ — № 27, „У небе ля хмары грымотнай“ — № 97, „Цёплы вечар, ціхі вецер“ — № 101, „Добрай ночы, зара-зараніца“ — № 102, „Плакала лета“ — № 106 і інш. Тут усюды мы бачым, як поэта сам, уласнымі мастацкімі сродкамі, ажыўляе прыроду, дапаўняючы гэтым адсутны ў даным выпадку ў яго пад рукой матар‘ял народнай мітатворчасьці; наогул-жа малюнак прыроды і тут застаецца трохскладаны,