Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

г. зн. складаецца з конкрэтнага рысунку прыроды, з анімізаваньня некаторых зьяў прыроды, якія ўваходзяць у склад гэтага малюнку, і з ідэёва-псыхолёгічнага настрою, які яднае увесь малюнак.

У залежнасьці ад першай крыніцы творчасьці (бацькаўшчына і яе ўплыў) знаходзяцца ў М. Багдановча таксама і тэмы бытавога зьместу. Насычаць тэму бытавым зьместам па здагадцы, ня маючы беспасрэдных крініц і нагляданьняў, было ўжо куды цяжэй, чым праробліваць тую-ж работу ў адносінах да тэм прырода-апісальнага характару. Таму ў першых вершах М. Багдановіча, якія былі напісаны яшчэ да паездкі яго на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, бытавыя зарысоўкі нявыразныя, малаконкрэтныя і нагадваюць некаторыя агульныя шаблёны як папярэдняй, так і сучаснай яму беларускай поэзіі. Возьмем для прыкладу верш „Мае песьні“ — № 2, „На чужыне“ — № 3, „Над магілай“ — № 17, „Скрылась кветамі“ — № 20, „Над магілай мужыка“ — № 25, „Дождж у полі і холад“ — № 26 і г. д. У гэтых вершах бытавыя зарысоўкі зводзяцца да паасобных рысаў і выразаў: доля горкая мужыцкая“, „бедная, далёкая старана“, „адзінокая магіла… каля шляху“, „старая магіла сьцяпная“, „труна… халодная магіла… здабытак бедака“, „радзімая старонка глухая… няшчасная доля яе“ і інш. Пасьля паездкі ў 1911 годзе бытавыя зарысоўкі прымаюць больш конкрэтны выгляд і месцамі вырастаюць да высокага мастацтва. Гэты паварот у яго бытавым малюнку адчуваецца ў зазначаным ужо вышэй вершы „Ізноў пабачыў я сялібы“ — № 49; асабліва-ж гэта прыкметна ў цыклі „Мадонны“ („У вёсцы“ і „Вэроніка“ — № 183-4), дзе бытавы фон („вёска… летняю рабочаю парой“, „старасьвецкі дом паноў Забелаў з цяністым адзічэлым садам“ і дзіцячыя гульні ў абставінах ціхага мястэчка або хутара) зарысованы ўжо паіншаму, конкрэтна і колёрытна; з гэтых зарысовак можна констатаваць ня толькі беспасрэднае знаёмства поэты з бытам Беларусі (у паездку 1911 году), але і першыя ўдалыя спробы мастацкага абагульненьня паасобных зьяў гэтага быту. Такія малюнкі пасьля 1911 году наогул усё больш і больш удаюцца поэце. Аб гэтым сьведчаць, напрыклад, та-