Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

блены ў мінорных тонах старой літаратурнай народніцкай романтыкі, якой М. Багдановіч сваечасова аддаў некаторую дань. Для прыкладу зазначым на вершы: „Мае песьні“ (№ 1), „3 песень беларускага мужыка“ (№ 16-I), „Над магілай мужыка“ (№ 25). Тут перажываньні працоўнага беларуса адбіваюцца, як цяжкае жыцьцё ў роднай краіне, як бязупынная, цяжкая праца, як непрасьветнае гора і, нарэшце, як сьмерць і халодная магіла — адзіны выхад з беднасьці і няволі. Чарговы момант у эволюцыі тэм з галіны народнай псыхікі — зарысоўкі яе больш бадзёрыя і актуальныя, пабудованыя ўжо ў іншым, чым раней, рэгістры. Тут адбітак народнай нядолі і зьвязаных з ёю настрояў працоўнага чалавека пераходзіць часта ў протэст супроць соцыяльнай несправядлівасьці старога ладу жыцьця і нават у прадчуваньне блізкага соцыяльнага зруху. Другі з двух вершаў, якія маюць агульны загаловак „3 песьняў беларускага мужыка“, у якім соцыяльнае адцураньне багатых ад людзкой беднаты адбіваецца вобразна ў выглядзе вялізнай каменнай сьцяны, канчаецца пытаньнем аб тым, каго пахавае пад сабою гэтая сьцяна, калі яна абваліцца: „Што-ж будзе, як дрогне, як рухне яна. Каго пад сабой пахавае?“ Гэтае пытаньне, укладзенае ў вусны працоўнага, соцыяльна пакрыўджанага чалавека, гучыць, як яго намёк на страшнае будучае, і гаворыць аб яго абуджанай сьвядомасьці. Таксама першая з чатырох эпіграм (з цыклю „Усьмешкі“ — № 43) зьмяшчае ў сабе зусім ня двухсэнсавае пярэчаньне мужыка, які зразумеў сваю няволю, па адрасу таго заняволеньня, якое ўтворана для мужыкоў панамі: мужык ужо ведае, што зямля стаіць не на трох кітох, але на мужычай сьпіне, і гэта веданьне хутка ў яго вырасьце ў протэст супроць панскага прыгнечаньня. Бязумоўна, вершаў на тэмы з галіны народнай беларускай псыхікі наогул у Багдановіча мала: для апрацоўкі такіх тэм у яго ня было даволі матар‘ялу, бо жывучы, галоўным чынам, у інтэлігенцкім асяродку, ён мала сутыкаўся з бытам працоўнага чалавека. Але і тыя нешматлікія апрацоўкі тэм гэтай катэгорыі, якія мы толькі што прывялі, гавораць аб тым,