Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/78

Гэта старонка не была вычытаная

што ў гэтых адносінах поэта стаяў на ўзроўні перадавых настрояў і перажываньняў сваёй эпохі.

Другую групу крыніц творчасьці М. Багдановіча мы азначылі, як соцыяльна-культурныя і псыхолёгічныя проблемы сучаснай поэту эпохі. У папярэднім нарысе было ўжо сказана, пад якімі ўплывамі маглі скласьціся соцыяльна-політычныя погляды М. Багдановіча. Тое грамадзкае і кніжнае атачэньне, у асяродку якога ён разьвіваўся ў юнацкія гады, стварыла ў ім адмоўныя адносіны да соцыяльных супярэчнасьцяй яго часу, але разам з тым не дало яму выразнай грамадзка-політычнай програмы. Адсюль усе соцыяльныя тэмы яго вершаў варочаюцца каля аднаго цэнтру — каля пярэчаньняў супроць соцыяльнага зла і каля набалелых пытаньняў соцыяльнага неўпарадкаваньня; часамі гэтыя пярэчаньні вырастаюць у гарачы протэст супроць соцыяльна-політычнага прыгнечаньня, што бывае, галоўным чынам, у тых выпадках, калі поэта прысьвячае соцыяльную тэму цяжкаму становішчу беларускага народу наогул і, у прыватнасьці, соцыяльнаму прыгнечаньню працоўнага беларуса. Такіх вершаў на соцыяльна-політычныя тэмы параўнаўча мала, але яны напісаны з вялікім уздымам пачуцьця і па ідэёвым аформаваньні належаць да найбольш вытрыманых і выразных. Сюды належаць наступныя вершы: „З песьняў беларускага мужыка“ (№ 16, I-II), „Над магілай мужыка“ (№ 25), „Дождж у полі і холад“ (№ 26), „Пан і мужык“ (№ 43, I), „Народ, беларускі народ“ (№ 47), „Эміграцкая песьня“ (№ 58), „Мяжы“ (№ 59), „Пагоня“ (№ 84), „Краю мой родны“ (№ 142), „Зразаюць галіны таполі“ (№ 145), „Рушымся, брацьця, хутчэй“ (№ 146), „Нашых дзедаў душылі абшары лясоў“ (№ 147), „Вы, панове, пазіраеце далёка“ (№ 164) і інш. У большасьці з іх поэта ставіць пытаньне аб соцыяльным стане працоўнай Беларусі (№№ 16, 25, 26, 43, 47) і вырашае яго, як ужо вышэй было заўважана, ня выключна ў тонах народніцкай романтыкі, але і больш конкрэтна — шляхам закліку да протэсту і барацьбы супроць соцыяльнага і нацыянальнага прыгнечаньня бацькаўшчыны; гэты протэстуюча-заклікаючы настрой асабліва адчуваецца