Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

сьмерць“ (т. I, разьдзел II, №№ 185—198) і шэраг вершаваных накідаў (т. I, разьдз. IV, №№ 273—276); сюды-ж далучаюцца і дзьве невялічкія поэмы „У вёсцы“ і „Вэроніка“, якія складаюць адзін цыкль пад назваю, „Мадонны“; у апавяданьні „Мадонна“ (т. I, разьдз. VII, № 9) распрацавана тэма, агульная з названымі поэмамі. Паглыбленая і нават некалькі ўрачыстая трактоўка гэтае тэмы збліжае М. Б-ча з сымболістымі (параўн. верш В. Брусава „Habet illa in alvo“).

Трэцяя крыніца тэматыкі М. Багдановіча — гэта літаратурныя ўплывы і — скажам шырэй — яго літаратурныя сымпатыі і імкненьні. У гэтай крыніцы тры плыні: беларуская народна-поэтычная творчасьць, блізкія поэту славянскія літаратуры і літаратура заходня-эўропейская, галоўным чынам, нямецкая і француская.

Сувязь М. Багдановіча з беларускай народна-поэтычнай творчасьцю, выхаваная ў ім з маленства яго бацькам і сваяцкім асяродзьдзем, якое яго атачала, а пасьля замацаваная адпаведнымі кніжнымі ўплывамі, праходзіць цераз шмат якія яго творы, і можна нават сказаць, што яго тэматыка і стыль наогул носяць сьляды ўплыву народнай поэзіі. Сабраць паасобныя рысы гэтага ўплыву і прыкласьці да іх гісторыка-літаратурны аналіз — чарговая тэма ў дасьледваньні творчасьці Багдановіча. Але калі гаварыць аб больш выразных яго тэмах, якія беспасрэдна і поўнасьцю зьвязаны з народнай творчасьцю, дык гэта значыць гаварыць аб яго мастацкім фольклёрызьме. У гэтай галіне Багдановіч зьяўляецца вялікім майстрам: ён ня толькі ўвёў у абыход беларуска-мастацкай літаратуры цэлы шэраг тэм з галіны народнай творчасьці (тэм міталёгічных, легендарных, бытавых, гістарычных), але і апрацаваў іх максымальным набліжэньнем да народна-поэтычнага стылю. Сюды належаць яго невялікія поэмы „Мушка-зелянушка“ (т. I, № 62) і „Максім і Магдалена“ (т. I, № 63) і шэраг вершаў, якія напісаны ў мастацка-фольклёрысцкай манеры: „Песьня пра князя Ізяслава Полацкага“ з „Слова о полку Ігорэве“ (№ 35), „Скірпуся“ (№ 73), „Страцім-лебедзь“ (№ 85), „Цёмнай ноччу лучына дагарала“ (№ 67), „Як Базыль у паходзе канаў“ (№ 68), „Вершы беларускага