Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

складу“ (№ 86), „Уся ў сьлязах дзяўчына“ (№ 117), „Сумна мне, а ў сэрцы смутак ціха запявае“ (№ 118), „Ой грымі, грымі, труба, ўранку рана“ (№ 253) і інш. Як мастак-фольклёрысты Багдановіч займае выдатнае месца паміж поэтаў сваёй пары, і яго творы гэтага парадку заслугоўваюць дэталёвага вывучэньня.

Другая група тэм, якія зьвязаны з літаратурнымі крыніцамі, гэта тыя тэмы, якія поэта набыў з галіны літаратур славянскіх — паасобку украінскай, расійскай, сербскай. Конкрэтна пакуль што можна гаварыць толькі аб перакладах і насьледваньнях, тэмы для якіх узяты з паказаных літаратур. Больш усяго мы знаходзім перакладаў з украінскіх поэтаў (Шэўчэнкі, Крымскага, Чарняўскага, Олэся, Самійленкі, Франко), значна менш з расійскіх поэтаў (Пушкіна, А. Майкова, Розэнгейма) і адно насьледваньне сербскаму эпосу ў выглядзе быліны „Сьмерць шэршня“ (№ 238), напісанай у жартаўлівым тоне. Пры больш дэталёвым дасьледваньні гэтай групы вершаў Багдановіча, мабыць, удасца ўстанавіць і некаторыя ўплывы на яго з боку, напр., украінскай і расійскай поэзіі яго часу (у прыватнасьці, поэзіі сымболістых).

Куды больш прыкметна захапленьне поэты заходня-эўропейскімі літаратурнымі крыніцамі. Тут мы знаходзім вялікую групу вершаў, перакладзеных з Вэрлена (№№ 210—230), пераклад аднаго ўрыўку з Вэрхарна (№ 231), шэраг перакладаў з Шыльлера і Гэйнэ (№№ 202—208), адзін пераклад з фінскага поэты Рунэбэрга (№ 201), два пераклады з антычных поэтаў (№№ 199-200 — верш Горацыя „Памятнік“ і ўрывак з „Мэтаморфоз“ Овідыя). Апроч таго, у Багдановіча ёсьць некалькі выдатных паводле тэматыкі і стылёвай апрацоўкі насьледваньняў эўропейскім і па-заэўропейскім літаратурным жанрам; гэта вершаваныя творы на скандынаўскія, гішпанскія, пэрсыцкія і японскія мотывы. Цікава адзначыць, што ў выбары чужаземных аўтараў і іх твораў для перакладаў і насьледваньняў поэта ішоў па лініі сваёй звычайнай тэматыкі: ён выбіраў тое, што адпавядала яго настроям і зьвязаным з імі тэмам і мотывам псыхолёгічнага зьместу (пар. пераклады з Вэрлена), і таксама тое, што ідэ-