Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

старога політычнага і соцыяльнага ўкладу жыцьця, горача супроць іх протэставала і шукала выхаду ў шырокім абнаўленьні жыцьця ў політычных і соцыяльных адносінах. Для Беларусі, інтарэсамі якой Багдановіч жыў з вучнёўскіх гадоў, гэта абнаўленьне павінна было стаць нацыянальна-соцыяльным, паколькі краіна разам з агульным соцыяльным прыгнечаньнем перажывала і прыгнечаньне нацыянальнае. Так склаўся Багдановіч-ідэолёг: гарачы ўдзельнік беларускага адраджэньня, ён разам з тым жыў у пастаянным прадчуваньні і чаканьні тых політычных і соцыяльных зрухаў, якія павінны былі вырашыць набалелыя пытаньні ў адносінах ня толькі Беларусі, але і сучаснага яму соцыяльнага ўкладу жыцьця наогул. Гэта шырокае асьвятленьне тэматыкі, — больш выразнае ў тэмах, якія зьвязаны з яго бацькаўшчынай, і больш расплыўнае ў тэмах, якія ахапляюць наогул яго эпоху, — мы, запраўды, і павінны констатаваць у большасьці яго вершаў. Застаецца яшчэ пытаньне аб яго пэсымізьме, які паасобнымі мотывамі часамі ўваходзіць у яго творчасьць. Вырашаючы гэтае пытаньне, перш за ўсё нельга паняцьце пэсымізму ўжываць у якімсьці няпэўна шырокім і таму ня маючым ніякіх акрэсьленьняў сэнсе. Пэсымізм, прыстасоўваючы яго да мастака слова, можа быць пэсымізмам філёзофскага зьместу, калі ў сьветапоглядзе поэты ёсьць пэсымістычная аснова, якая складаецца часамі пад пэўнымі філёзофскімі ўплывамі або пад уплывамі наогул соцыяльна-культурнага ўкладу жыцьця яго эпохі. Пэсымізм, прыстасоўваючы яго да пісьменьніка-мастака, як і да ўсякага чалавека, можа быць пэсымізмам псыхофізыолёгічнага характару, калі пісьменьнік паводле самага складу свайго здароўя і сваёй псыхікі мае нахіл да вялага, маркотнага, часамі іпохондрычнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці. Нарэшце, пэсымізм можа быць формай абыватальскага сьветаадчуваньня, калі чалавек, у грамадзкім жыцьці індэфэрэнтны і індывідуальна ня выяўлены, жыве вяла, абыяк і, замыкаючыся ў вузкае кола мяшчанства бытавога і моральнага, даходзіць да апатыі і да ўтраты ўсякай жыцьцярадасьці. Апошні від пэсымізму ня мае ніякіх адносін да М. Багдано-