Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

Жылуновіч, Піотуховіч, Дзяржынскі, Замоцін, Барычэўскі) і, урэшце, спробу пабудаваньня поэтыкі М. Б-ча ў цэлым, дэтальна і конкрэтна праробленую на падставе вывучэньня тэксту А. М. Вазьнясенскім у яго монографіі „Поэтыка М. Багдановіча“.

Але, зразумела, гэтыя працы ня вычэрпваюць усіх пытаньняў, якія ўзьнікаюць навакол поэтыкі М. Б-ча, вельмі зьмястоўнай і рознастайнай у сваіх мастацкіх сродках і шуканьнях. Таксама і ў задачу данага нарысу, які досыць ужо разросься, ня можа ўваходзіць падрабязны тэкстуальны разгляд мастацкіх прыёмаў творчасьці М. Б-ча, бо гэта запатрабавала-б паасобнага монографічнага досьледу. Аднак, нават ва ўмовах агульнага нарысу, ва ўсякім выпадку неабходна адзначыць тыя пытаньні і тэмы ў галіне формы творчасьці М. А-ча, якія падказваюцца зборам яго твораў і некаторымі біографічнымі яго матар‘яламі і чакаюць свайго дасьледчыка. Гэтыя пытаньні наступныя.

Перш за ўсё пытаньне аб эстэтыцы Б-ча і аб яго тэорыі творчасьці, узятых у агульных тэзісах. Як ва ўласных прызнаньнях Б-ча, расьсеяных у яго вершах, апавяданьнях і крытычных артыкулах (асабліва тых, якія прысьвечаны украінскай літаратуры), таксама і ў біографічных матар‘ялах (галоўным чынам у лістох і ўспамінах), дасьледчык знойдзе шэраг даведак і паказаньняў на тую эстэтычную і тэорэтычную ўстаноўку, з якой М. Б-ч падыходзіў да мастацтва наогул і да сваёй поэтычнай творчасьці прыватна. Вытлумачыць гэтую базу літаратурнае працы Б-ча толькі ўплывам тае ці іншае сучаснае яму тэорыі было-б вельмі прымітыўна і фактычна няправільна. Бясспрэчна, гэтая база склалася пад уплывам усяе соцыяльна-культурнае абстаноўкі, сярод якой рос і разьвіваўся поэта, а таксама і пры ўплыве на яго паасобных кніжных крыніц. Высьвятленьне гэтага агульнага тэорэтычнага боку яго літаратурнае чыннасьці на падставе ўсіх матар‘ялаў (тэксту твораў, успамінаў, лістоў, некаторых рукапісных накідаў і г. д.) складае паасобную задачу гісторыка літаратуры.