Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

Другое пытаньне — аб поэтычнай лексыцы М. Б-ча. Беларуская мова твораў Б-ча, асабліва твораў прозаічных, — мова, якую ён вывучаў больш тэорэтычна, чым практычна, і, „якую ён ня чуў навакол сябе, а чуў у сабе“, — зразумела, выклікае цэлы шэраг агаворак як з боку свайго лексычнага і фразеолёгічнага складу, так і з боку граматычных і ортографічных форм. Невыстарчальна вытрыманая і часта досыць выпадковая па сваёй прыродзе, мова Б-ча не ўяўляе вялікага інтарэсу ў лінгвістычных адносінах, хоць і зьяўляецца, зразумела, сваеасаблівым матар‘ялам для вывучэньня літаратурнае беларускае мовы ў перадрэволюцыйны пэрыод. Але нельга таго-ж сказаць уласна аб яго поэтычных творах: у іх ён шырака выкарыстаў народна-песенную мову з яе сродкамі мастацкага стылю, а таксама даў удалыя спробы ператварэньня ў мастацка-стылёвыя адзінкі і комплексы тых сырых матар‘ялаў беларускае мовы, якія ён вывучаў галоўным чынам па слоўніках і зборніках. Вывучэньне поэтычнае мовы М. Б-ча можа таксама скласьці самастойнае заданьне для дасьледчыка яго творчасьці.

Гаворачы аб сувязі мовы Б-ча з народна-поэтычнымі моўнымі крыніцамі, трэба мець на ўвазе, што ён ня толькі карыстаўся моваю народнае творчасьці, але і ўдала аднаўляў наогул формальныя прыёмы і жанры беларускае народнае поэзіі. Як мастак-фольклёрысты, бясспрэчна, выдатны для сваёй эпохі, ён таксама падлягае дэтальнаму дасьледваньню, і пытаньне аб мастацка-фольклёрыстычнай манеры Б-ча зьяўляецца, такім чынам, трэцім пытаньнем сярод заданьняў, зьвязаных з яго поэтыкай.

Урэшце, трэба паказаць на два пытаньні, якія патрабуюць уважлівага аналізу: М. Б-ч шырака выкарыстаў у галіне мастацкага афармленьня сваіх тэм заходня-эўропейскія (і часткова пазаэўропейскія, — параўн. японскія „танкі“), вершаваныя прыёмы і сродкі і прытым выкарыстаў уласна ў дапасаваньні да беларускае слоўнае творчасьці; такім чынам дасьледчыку яго поэтыкі трэба будзе разабрацца, папершае, у пытаньні аб тым, што ўласна з практыкі чужаземнае вершаванае формы ўвайшло ў поэзію Б-ча, і, падругое, што з