Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том II.pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

кае асяродзьдзе і грамадзкія сувязі як у гады юнацтва, так і ў гады сталасьці; 6) характар разумовых інтарэсаў пісьменьніка, яго дзелавой працы па спэцыяльнасьці (калі такая ў яго была) і працы грамадзкай; 7) літаратурныя сувязі і літаратурныя ўплывы; 8) кола інтымных перажываньняў (склад асабовага жыцьця, выдатныя ў ім падзеі, сяброўскія сувязі, каханьне і г. д.).

Для біографіі, больш складанай паводле матар‘ялу і хронолёгічна больш працяглай, пералік гэтых момантаў, вядома, можа быць прадоўжаны; але ў дапасаваньні да М. А. Багдановіча, які памёр вельмі рана і пражыў сваё нядоўгае жыцьцё ў параўнальна простай абстаноўцы, гэтыя моманты амаль што вычэрпваюць увязку яго творчасьці з яго жыцьцём.

Да пытаньня аб соцыяльнай спадчыннасьці, як аб адным з момантаў у біографіі М. Багдановіча, шэраг цікавых і багатых зьместам даведак дае бацька поэты ў сваіх „Материалах к биографии Максима Адамовича Богдановича“ (рукап). Бацькі поэты — Адам Юравіч Багдановіч і Марыля Апанасаўна, ураджоная Мякота. Адам Юравіч па пахаджэньні селянін. Яго бацька Юры Лук‘янавіч, дзед поэты па бацьку, быў прыгонны дваровы памешчыка пана Лаппо кухар па профэсіі; ён належаў да Касарыцкага сельскага вобчаства Ляскавіцкай воласьці Бабруйскага павету, але яшчэ маладым хлопцам быў перавезены сваім панам у купленым аёнтак пры мястэчку Халопенічах Барысаўскага павету, тут ажаніўся і асталяваўся. Дзед Адама Юравіча, прадзед поэты, Лук‘ян Сьцяпанавіч, быў таксама дваровы, па профэсіі садоўнік; яго бацька Сьцяпан, прадзед Адама Юравіча, першы стаў насіць прозьвішча Багдановіч. Сам Адам Юравіч, які радзіўся ў Халопенічах 25-га сакавіка 1862 г., не застаў ужо прыгону, але ўсё-ж такі, як сын селяніна, нядаўнага панскага дваровага, перацярпеў усе прыкрасьці, якія выпалі на долю сялянскага хлопчыка і падростка ад соцыяльнага складу жыцьця таго часу. На шостым годзе жыцьця ён пачаў вучыцца чытаць і пісаць у вясковай школе пад кіраўніцтвам „доморощенного бакаляра из крестьянских мальчиков“ і пад