Старонка:Творы (Александровіч, 1932—1933). Кніга 1.pdf/231

Гэта старонка не была вычытаная

А што пад старасьць атрымала ад дзяцей?
— Павырасталі, кінулі няшчаснай.

Мой брат? Скруціў яго іржавы дрот бяды,
на катарзе ў бязьлітаснай пазнані.
Ён старшынёю быў раённай „Грамады“,
а раз грамадавец — напэўна катаржанін.

Застаўся толькі бацька. Гне сваю сьпіну.
Габлюе труны, — час свой дажывае…
Але саб‘е яшчэ — ну хоць адну труну,
у якой ён шляхціча дачасна пахавае!
..............

3

Мароз, як звон. Як шчоз — калючы сівер!
Бракуе сонцу сіл зямлю каб абагрэць.
Праменьні валяцца, як быццам зьліткам медзь,
Дрыжаць-калоцяцца, як цені, палахліва.

Зіма, зіма! Суровая такая!
Але ня страшны рост заледзянелых крат;
усьлед за шахам — блізіцца і мат,
замкі зімы — прадвесьня адмыкае.

Пакуль вясна, дык маразы сягоньня
пад сорак градусаў, прытым яшчэ вятры…
Бяжыць Лявон Рыгоравіч Бахрым,
ці то ад холаду, ці нехта яго гоніць…

— Лявон Рыгоравіч, куды ж вы так рухава?
Здароў. Ну, што чутно? Мо‘ добра, што спаткаў?
— Нядрэнна. Атрымаў я позву з ЦКК,
у партколегіі сягоньня мая справа.