Старонка:Творы (Александровіч, 1932—1933). Кніга 1.pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

ДРУКАР


І дзень і ноч дрыжыць ліхтар,
сьвінцовы пыл у вокны звоніць.
Над касай стомлены друкар
трымае літары ў далоні.

Кладзе ў радкі, бы мосьціць брук:
за словам слова, — так артыкул.
Вясёлай песьняй творыць друк,
але баліць рука-матыка.

І дзень і ноч машынаў гул
цалуе горача рабочых.
Таму руку, таму нагу
прыцісьне, радасна рагоча:

— „Варштат заменіць сотні рук, —
што робіш ноч, ён дасьць хвілінай.
Гэй ты, крылаты вольны друк,
цябе вітаю я, машына!“

Студзень, 1924 г.