Старонка:Творы (Александровіч, 1932—1933). Кніга 1.pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

ЗА ІГОЛКАЙ


Песьні — гучныя вясёлкі
пацяшаюць, як ніхто.
Дашывай, мая іголка,
новамоднае манто.
А як толькі зьвечарэе,
Як заморыцца рука —
пабягу тады хутчэй я
любага спаткаць.
Ой, прысяду каля саду,
каля саду, пры сасьне.
Загадае пяць загадак,
пяць загадак мілы мне:
— Каля дрэўца што віецца?
— А бяз цьвету што цьвіце?
— Што бяз голасу сьмяецца?
— Што бяз кораня расьце?
— Што бяжыць і сьлед зьнікае?
Загадае, мілы, мне.
Вечар ціха засьпявае,
вечар ласкава міргне.
Песьні — гучныя вясёлкі
пацяшаюць, як ніхто.
Дашывай, мая іголка,
новамоднае манто.

1926 г.