Старонка:Творы (Александровіч, 1932—1933). Кніга 1.pdf/87

Гэта старонка не была вычытаная

Цяжка, цяжка і сьцюдзёна
і няма прыпынку:
ні матулі, ні знаёмых,
бедная дзяўчынка!

Горам лютым ветры выюць,
асушаюць сьлёзы.
Сэрца плача, грудзі ныюць —
страх нясуць марозы.

У прытулак наш забралі,
і лягчэй ёй стала,
Але вуліца бяз жалю
сілу падарвала.

Шанавалі, даглядалі
любую сястрыцу.
Ўвечар песьні ёй сьпявалі,
толькі-б ня журыцца.

Толькі-б вось, каб сум закінуць
і ня ўспомніць гора.
Зьвіць дзяўчынцы-сірацінцы
радасьць ясных зорак.

Але сёньня цёмнай ночкай
сэрца замаўчала
і жыцьцё, як той лісточак,
з дрэва адарвала.

Над пагорбленай царквою
завывае вецер,
Апавітае імглою
зашумела вецьце.