Старонка:Тры п’ескі (1930).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

Сашка. Ка-а-ровы… Хай-бы-ж адразу казаў так. (Дастае хатку і зноў пачынае майстраваць).

Сьцёпка. Ты рабі, пакуль я не скажу табе: „хавай“. (Глядзіць у акно). Фу-р-р. На лісафэце нехта паляцеў. (Паўза). Люблю лісафэт. Я, ведаеш, Сашка, як вырасту і будуць грошы, перш за ўсё куплю сабе лісафэт і буду выкручвацца. (Паказвае). А ты што сабе купіш?

Сашка. Я ня ведаю. Патрымай, Сьцёпка, я адрэжу калодачкі, аднаму дрэнна. (Сьцёпка трымае).

Сьцёпка. Каб ты хоць па пальцах ня цяў мне.

Сашка. Ня бойся, я асьцярожна, хоць раз зьнячэўку шмаргануў сабе. (Рэжа). Вось яшчэ дзьве адрэжу, дый будзе. Каб мне татка пазваляў, то даўно скончыў-бы. (Адчыняюцца дзьверы, на парозе паказваецца бацька).

ЗЬЯВА IV

Сьцёпка (спужана). Хавай. (Сашка абхапіў хатку ды так і застаўся).

Бацька. Што хавай, што такое? (Бярэ за руку Сашку ды адрывае ад хаткі і аглядае. Маўчаньне). Дай сюды пілку. (Сашка дае, бацька глядзіць ці цэлы зубцы).