Ягорка. Вось тут прывязаныя коні стаяць, а гэта той жарэбчык, а гэта клетка з парасяткамі, а гэта царква са сьцягамі.
Волька. Добра, мы іх зьмесьцім. У каго яшчэ ёсьць матэрыял?
Маша. У мяне ёсьць.
Волька. Чытай, Маша.
Маша (чытае). У нашай клясе завёўся вялікі мастак. Замест паперы і алоўка свабодна крэйдаю піша на сьпінах вучняў. Работы спаўняе хутка, без заказу і без задатку. Глядзі, мастак, каб хто не намаляваў табе чаго на носе.
Некаторыя. О, добра, добра! Ха-ха-ха!
Гэлька. Ён заўсёды бегае з крэйдаю…
Ягорка. Тут абавязкова трэба даць малюнак і падпісаць: „Янка Кучанок“, ха-ха-ха… Добра напісала.
Юзік. Для гумару ў мяне ёсьць яшчэ. Вось што я напісаў. (Хоча чытаць).
Волька. Пачакай. Паправак да заметкі Машы ня будзе ніякіх?
Усе. Не, ніякіх.
Волька. Ну, чытай ты сваю. (Да Юзіка).
Юзік (чытае). Дастаецца сабакам, калі Мікола Якімавых ідзе ў школу або з школы. Яму мала падражніцца, яму трэба пазаганяць іх дзе далёка. Пазаганяўшы, ён спакойна ідзе ў школу на другі або трэці вурок. Паглядзі, Міколка, на расклад вурокаў.