Пастух. А Грак яму і кажа: „А вы думаеце, пане, што ў мяне няма гэтакае самае штукі?“ І паказвае яму — у аднэй руцэ ляворвар, а ў другой бонбу.
Лёнька. Ой, мусіць нешта будзе.
Крутагор. А ты ўжо спужаўся?
Пастух. Пачакайце. Пан ужо здрэфіў.
Крутагор. Вось бачыш.
Пастух. Грак садзіцца ў яго каламажку, едзе з ім разам і пытае: „Ну, як вам жывецца, пане Гардыла?“ А пан і адказвае: „Учора добра, а сёньня не“. „А чаму, скажэце, — пытае Грак, — вы так недалікатна сустрэлі мяне? Я вам дзеньдобры, а вы наставілі на мяне ляворвар?“ „Ты-ж усёроўна заб‘еш мяне“, — адказвае пан. „Так, вы не памыліліся, — адказвае Грак, — пан з кавалём ня могуць доўга ехаць на аднэй каламажцы“. Выйшлі з лесу тры Гракавы таварышы, забралі пана Гардылу, і больш ён з лесу не вярнуўся.
Лёнька. Ой, страшна!
Крутагор (абурана). Дык ня слухай, калі табе страшна. А я магу дзень і ноч слухаць.
Пастух. Пасьля забілі легіёны і Грака. А перад гэтым ён са сваёю ватагаю пабываў у гасьцях у аднаго пана Мацісона. Забралі ў яго многа золата і хавалі недзе яго, каб пасьля аддаць саветам.