Старонка:Тры п’ескі (1930).pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

СЦЭНА ПЕРШАЯ

Няпрытульны пакой. Анжэліна, бабка, маці фастрыгуюць рукамі жаночае адзеньне. У кутку ляжыць дзед. У пакоі змрочна. Усе маўчаць. Праз акно ўпаў прамень сонца.

Анжэліна (радасна). Во, сонейка!

Бабка. Ну, дык што?

Анжэліна. Нічога. На дварэ хораша. (Крыху счакаўшы, на дварэ нешта зашыпела, запішчала). Што гэта? (Ускочыла і падбегла да акна). Ух, ух! Мурзік паляцеў за кошкаю. Гоп! На трубе ўжо!

Маці. Анжэліна!

Бабка. Анжэліна, чаго ты ўсхапілася? га?

Анжэліна. Я трошкі пагляджу.

Бабка. Столькі работы, а ты будзеш у вакно паглядаць.

Маці. Садзіся, дачушка, сёньня-ж трэба скончыць і здаць. (Анжэліна сумная зноў начала шыць).

Дзед. Што, ты ня бачыла кошкі ці сабакі?

Анжэліна. Я хацела паглядзець на двор.