Старонка:Тры п’ескі (1930).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА II

Маці (уваходзіць з кухні). Што вы нарабілі тут, гэта-ж падумаць, столькі пылу, ды яшчэ паварочаеце мне што.

Ягорка. Ня бойцеся, цётачка, мы нічога не паварочаем, мы асьцярожненька, далікатна.

Маці. Да-лі-катна… многа ў цябе далікацтва, вось пад носам паглядзі. (Ягорка, шмаргануўшы, выцірае пальцам нос, усе сьмяюцца). Упыну на вас няма. Ішлі-б дзе ў боль­шую хату або на двор.

Міколка. Калі-ж на дварэ макравата, цё­тачка.

Маці. Макравата, а тут што за гульня ў гэткай цеснаце, а яшчэ калі прыдзе бацька, то ён тут ня будзе з вамі цацкацца.

Юзік. О, дзядзьку мы ведаем, трэба тады скарэй выносіцца. Ня злуйцеся, цётачка, на нас, мы тут лягеры ўспомнілі, — ну, і пачалі куляцца. Хацелася-б яшчэ засьпяваць „вераб‘я“.

Маці. Якога гэта вераб‘я?

Юзік. А вось такога. Давайце, хлопцы. (Усе скоранька становяцца ў кола і пяюць, адначасна перастаўляючы ногі адну наперад, другую назад).

Чы-чы, чы-чы, верабей,
Ня клюй маіх канапель,
А я таму вераб‘ю
Калом ножку пераб‘ю.