Старонка:Тры п’ескі (1930).pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

Анжэліна. Ці-ж доўга? (Кладзе клунак на стол). Каб вы бачылі тое, што я, дык і вы-б забавіліся.

Бабка. Ну, што-ж ты там такое ўбачыла?

Анжэліна. Нештачка. Ды такое, бабунька, прыгожае, прыгожае…

Маці. Ну, дык скажы ўжо.

Анжэліна. Як ішла туды, дык ня бачыла. Узяла работу, выйшла з магазыну, а ў другім магазыне — ай! Гляджу, а яна на мяне. Вочкі сіненькія, блакітныя, а валаскі белень­кія, а сукеначка ружовая, ружовая!

Маці. Гэта-ж напэўна лялька была.

Анжэліна. Угу, лялька, але якая? — Такая вялікая, з мяне будзе. Мне здаецца, што яна можа адкрываць і закрываць вочы.

Бабка. Яна-ж няжывая, як гэта яна будзе адкрываць і закрываць свае вочы.

Анжэліна. А вунь у суседкі Галены таксама няжывая, а вочы і закрываюцца і адкрываюцца.

Бабка. А ты ўсё выглядзіш.

Маці (дае ёй місачку). Павячэрай, Анжэліна. Тая лялька ўсёроўна не накорміць цябе.

Дзед. Хадзі сюды, сядзь, ды павячэраем разам. (Анжэліна падышла да яго, прысела і старанна вячэрае).

Анжэліна. Я павячэраю і вазьмуся за работу.