Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

Як вышлі і як каваль чыркануў запалку, кравец убачыў там на лаве чалавек пяць і ўсё з вінтоўкамі. Кравец спалохаўся. Падняўся адзін з лавы і сказаў краўцу.

— Вядзіце нас пад пільню.

— Вядзі не дарогай, а Барцёўскім ляском, дзе выхад на Цецераўскую сцежку, — сказаў каваль і павярнуўся да краўцовага незнаёмца: — я вас расстаўлю па ўсіх выхадах.

І выскачыў з сянец. На дварэ кравец убачыў поўна чырвонаармейцаў. Яны туліліся да цёмных куткоў. Кравец бачыў, як каваль узяў на клямку дзверы, каб ніхто ў гэты момант не вышаў з хаты і чуў, як ён тлумачыў аднаму, мусіць чырвонаармейскаму старшаму:

— Займёце з таго боку масток, а па той бок бераг рэчкі пры лесе. От вам і будзе ўсё на воку.

Чырвонаармейцы ў момант зніклі з двара. Каваль ускочыў назад у сенцы і праз поўхвіліны заграў. Танцы зноў пачаліся. Кравец павёў пяцёх чалавек пад пільню, стараючыся загаварыць, каб зменшыць сваё хваляванне. Але гаварыць яму не дазволілі. З ляска вышла да іх чалавек дзесяць чырвонаармейцаў і пайшлі разам усе. Кравец падвёў людзей пад пільню. Ніякага агню ў пільні ўжо не было. Чым далей ішоў кравец, тым смялей ён сябе адчуваў: з ім і за ім ішлі чывонаармейцы. Нарэшце ён пачаў нават загаварваць ціхом. А каля пільні зусім павысіў голас:

— Эзэ, нешта-ж агонь не блішчыць ужо?

— Ціха! — хапіў яго жменяй за рот чырвонаармеец.

Нікога нідзе не было, пільня была пустая. Нікога не спаткалі і на дарозе. „Каваль гаварыў праўду, — думаў кравец, — яны мяне ашукалі, каб уцякаць зручней“. Ён увайшоў у ролю.