Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/117

Гэта старонка не была вычытаная

ў хату. Нікому нічога не кажучы, яна ўзяла мятлу і падмяла падлогу.

Толіка Скуратовіча атрад не злавіў, хоць за хутарам і наглядалі неўзаметку і бесперапынна людзі Кандрата Назарэўскага. Адзін патруль з ляска наглядаў за полем, на якім расла дзічка. Скуратовічык на свой хутар не з‘явіўся, а абмінуў яго: ён даведаўся пра засаду. Як гэта ўсё было, і чаму яму канешне трэба было цяпер набыць на сваім хутары, і не іначай каля дзічкі на полі — выявілася роўна праз адзінаццаць год.

Кандрат Назарэўскі пакінуў некалькі чалавек наглядаць за гэтым кутком, а сам рушыў пад Дзве-Хаты, дзе тады было галоўнае месца дзейнасці яго атрада. Раз надвечар ён уехаў у вясковую вуліцу і пазнаў вёску: ён тут раней быў. Ён успомніў пра Зосю і хацеў пабачыцца з ёю. Ён пачаў успамінаць месца ў вуліцы, дзе стаяла яе хата. Пад‘ехаў і ўбачыў пажарышча. Запытаў у чалавека, дзе Зося. Той адказаў:

— Служыць на старане, у людзей, парабчанка.

Кандрат Назарэўскі паехаў далей. Праз два дні ён быў каля Двух-Хат. Быў вечар, калі пад‘ехаў ён пад кавалёву хату. У вокнах гарэў агонь, чутна была скрыпка. Кандрат Назарэўскі ўвайшоў у хату і ўбачыў: кравец і каваль гралі на скрыпках, дзяўчаты і хлопцы танцавалі. Танцавала і некалькі чырвонаармейцаў. Адзін з іх раптам закрычаў:

— Няхай Ірынка паскача. Ірынка, давай з табой.

Усе прыціхлі і разышліся ў бакі. Музыкі загралі казачка. Чырвонаармеец прайшоў раз у танцы і стаў. Тады ў круг увайшла Ірынка. Яна была ў шэранькай сукенцы, у валасах быў грабянец. Узяўшыся ў бокі, яна спрытна падскочыла і затупала ножкамі аб падлогу. Валасы ўпалі ёй на