вочы. Яна вельмі спрытна зрабіла дзве фігуры і вышла з круга. Чырвонаармейцы запляскалі ў далоні, з Ірынчынага тварыка лілася весялосць. Кандрат Назарэўскі падбег і хапіў яе на рукі, і так трымаў з хвіліну, цалуючы яе галаву. Ірынка залівалася бесклапотным дзіцячым рогатам, не магла ўседзець на адным месцы і танцавала яшчэ раз.
Яшчэ нядаўна яна была такая маўклівая, цярплівая, упартая. Зусім сталая яна была, разважлівая, як дарослая. Тады, хворая з голаду, яна магла хаваць гэта ад цікаўных наглядальнікаў, ведаючы цану іхнім божканням і ахканням. Яна тады была самастойная: цяпер братава апека і клапатлівасць блізкіх да яго людзей атуліла яе, і ў ёй загаварыў дзіцячы ўзрост. Яна хацела па-дзіцячаму сваволіць. З хітраватым блескам вачэй, яна часта дамагалася ад брата, каб на яе глядзелі, як яна танцуе. Часамі яна прыкідвалася, што не ўмее танцаваць і абы як тупала нагамі. І самае важнае было тое, што яна сама ведала цану гэтаму „танцу“, як-бы зверху ўніз яна глядзела на свае дзіцячыя забаўкі. Часамі, утаміўшыся, яна гаварыла сама сабе, але так, каб чуў брат: „пакруцілася як малая“. Але найчасцей была сапраўдным дзіцём, без такіх штучнасцей. Брат часта трымаў яе на руках і яна, вырываючыся ад яго, звонка і весела рагатала. Зусім бесклапотнае дзіця! Як-бы яна старалася дагнаць і аднавіць задушаныя раней цяжкімі днямі ясныя хвіліны маленства.