Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

ДРУГАЯ ЧАСТКА

1

Дні два, у гарачую пору, над лесам, можна было бачыць дзіўны малюнак: груганы і вароны ўзляталі з крыкамі густа і зноў спускаліся ў вершаліны хвояў. Так кіпіць вада ў крыніцы. Зверху плаваў дробны каршачок, баючыся спусціцца ніжэй: мусіць, там арудвала буйнейшая штука, якое каршачок баяўся. У канцы другога дня падзьмуў вецер і на гэты бок звілістай ручаіны чутно стала трупным пахам. Птушыны крык чуўся мацней.

Лес стаяў высока. Мясцовасць ішла да яго ўгару. Па гэты бок лесу, схаваная ў нізкарослых зарасніках, мінаючы каменні і ўзгоркі, імчалася ручаіна. Паўз яе, скрозь краем леса, вілася добра вытаптаная сцежка. Змрок і цішыня панавалі тут.

Было яшчэ гадзіны дзве да вечара, сонца яшчэ толькі падыходзіла да лесу, калі на гэтай сцежцы з‘явіўся чалавек. Ён быў шырокаплечы, на выгляд здаровы. Боты яго былі ў высахлай на іх зямлі. Не гледзячы на гарачыню, на ім была накінутая наапашкі жаўтаватая, злінялая, салдацкая целагрэйка. Гэтая кароценькая вопратка была паношана: месцамі ўнізе ў ёй вісела, з-пад адпоратай падшэўкі, вата. Ішоў чалавек паволі, стомленай