Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

паходкай. Адразу відаць было, што гэты чалавек спрацаваны. Твар яго быў вельмі малады. Наўрад ці было яму нават дваццаць чатыры гады, у кожным разе не больш. Але дзіўная справа: ён быў апусклівы, няголены. Барада і вусы раслі няроўна і не густа. Чалавек нёс на плячы палавіну, відаць знойдзенай на дарозе, дугі. У адным месцы ён спыніўся, стаў спіной к лесу і спаміж кустоў глянуў на прырэчнае поле. Там была папарная ралля. Чалавек гаварыў сам з сабой.

— Яшчэ павінна добра ўпрэць. Яшчэ паспею заскародзіць і раз пераараць пад жыта.

Ён акінуў вокам шырыню палетка і раптам занепакоіўся:

— Што за ліха, як-бы ў мяне вузей, чым унь там. Мералі, чэрці, надзялялі, аднаму больш, другому менш. Душы ў кожнага здаецца-ж роўныя!

Ён шпарка вярнуўся, перамераў крокамі суседні палетак, пасля свой і тады паспакайнеў:

— Чорт яго, гэта мне здалося.

І пайшоў далей, роўна пагойдваючы плячыма. Дзьмуў вецер, сонца падбіралася да самага лесу. Крокаў праз сотню чалавек падняў галаву ўгару:

— Зноў крычаць, унімку на іх няма!

Непадалёку, над самай прырэчнай хвояй, аж кіпела вараннё. Каршачок таксама плаваў, як і ўдзень, як і ўчора.

— Што там за ліха, — бурчэў сам сабе малады чалавек, — падлу хто выкінуў, ці якая трасца? Другі дзень ад гругання, як у гаршку кіпіць. Цьфу!

Ён пераклаў недаломак дугі на другое плячо і рушыў далей. Яшчэ крокаў праз сотню ён увайшоў у паласу ветра, якраз з таго месца, над якім узвівалася вараннё.

— Ого, — спыніўся чалавек, — у нос дае!