Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

паднімаючы грошы, ён абсалютна не думаў, што гэта можа быць як-небудзь звязана з трупам. Пра гэта ён падумаў толькі тады, калі праз некалькі крокаў знайшоў яшчэ грошы. Тут быў ужо цэлы пачак новенькіх трохрублёвак, акуратна пераклееных стужкай белай паперы. На паперы было напісана „300 руб.“.

— Пра мерцвяка заяўлю, а грошы — хто бачыў, што яны ў мяне? — шаптаў высахлымі губамі чалавек, запіхаючы грошы глыбока ў халяву.

Цяпер ён раскінуў розумам: калі чалавека забілі з-за грошай, то чаго яны валяюцца па дарозе? Калі забойцы гэтыя грошы згубілі, то як-жа гэта яны не пільнаваліся іх, забіўшы з-за іх чалавека? А калі гэта толькі частачка грошай, то адкуль такая вялікая сума ў так бедна адзетага чалавека? (Труп быў у сялянскай рванай адзежы, босы.) Не могучы ні да чога дадумацца чалавек пайшоў далей, ні разу не азірнуўшыся. Ён мінуў лес і спусціўся ў палявую лагчыну. Там стаяла некалькі хат, новых, але неяк не ўладжаных: адна без шчыта, другая без сянец, трэцяя без агарожы і ўсялякіх гаспадарчых прыбудовак. Хоць новыя сцены і пашарэлі ўжо ад гадоў, але відаць было адразу, што жыццё тут ніяк не можа ўсталявацца. Калі ёсць адно — не хапае другога, і доўгімі гадамі будзе яно наладжвацца, пакуль не стане сшрубавана ўсюды як і трэба. Але пакуль гэта можа стацца, то першыя шрубы паржавеюць, а пакуль яны заменяцца новымі, то ўжо і апошнія павывальваюцца. Так і ідзе ўсё тут, не маючы ніколі свайго сталага завяршэння.

Хаты стаялі адна ад адной наводдалек, без вуліцы, у непарадку. Чалавек падышоў да першае. На маладзенькай арабінцы перад вокнамі чырванела пучкоў тры ягад — першы ўраджай на