Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

на поле, і выгляд у яго быў такі, што яму больш не ў галаве думаць і гаварыць пра гэтае здарэнне, бо яму-ж і так многа работы! Так што назаўтра ён каля трупа нават і не быў, хоць некаторыя з яго суседзяў, самыя цікаўныя, віселі там крукам. Не абагнацца там было ад іх! Малады чалавек абсалютна не думаў пра тое, ці сапраўды забіты ёсць Стафан Седас, ці гэта толькі некаторым здалося. Ён гэтым не цікавіўся. У яго ў гэты час быў важнейшы клопат.

Ці то былі толькі здогадкі, ці то праўда, але пачалі перадавацца з вуснаў у вусны ўсялякія дакладнасці і падрабязнасці справы. Пасля, і вельмі скора, шмат што з гэтых гутарак пацвердзілася.

Перш за ўсё, хтосьці, выпадкова праходзячы, убачыў, што каля колішняга Скуратовічавага хутара (а гэта было тут-жа, за ляском; там цяпер стаяла некалькі пасёлкаўскіх хат), на тым месцы, дзе расла калісьці Скуратовічава разгатая дзічка, зямля была ў некалькіх месцах параскапвана і паразварочвана рыдлёўкай. Рыдлёўка гэтая валялася тут-жа — злізаная аб зямлю за доўгія гады, з выгладжаным рукамі тронкам. Было падобна, што чагосьці людзі шукалі тут, штосьці выкопвалі. Спачатку гэтую раскапаную зямлю не ўзялі на ўвагу. І сапраўды, якое можа быць дзіва, што зямля пакапана! Але пасля сам гаспадар (той, каму асталася, пры раздзеле Скуратовічавага хутара, гэтая дзялянка) пачаў дзівіцца: што за ліха, хто на маім полі корпаўся! Пайшлі глядзець і знайшлі некалькі ўтаптаных у зямлю новенькіх трохрублёвак. Хоць каля трупа такіх трохрублёвак і не было, але малады чалавек знайшоў дзве такія, непадалёку, на сцежцы. Такім парадкам раскапаную зямлю паставілі ў сувязь з трупам. Прыехаў следчы і аглядаў тое месца. Ямы павыкопваны