Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/129

Гэта старонка не была вычытаная

былі неглыбокія, іх было некалькі. Апроч таго, сама зямля была яшчэ і так у вельмі шмат якіх месцах пакорпана, як парыта. Прычым, усё гэта было толькі з аднаго боку грушавага пня. Самое дзічкі ўжо некалькі год не было. Быў толькі нізкі і шырокі дуплісты пень. Следчы заўважыў, што тут арудвала двое людзей: на свежай зямлі адзін след быў ад вялікага бота, другі ад меншага, зграбнейшага. Цераз ноч следчы яшчэ раз пайшоў на гэтае месца і заўважыў яшчэ адну падрабязнасць: на грушавым пні, зачэплены за сучок, дрыжэў пад ветрам шкуматок з нейкай адзежыны, маленькі кавалачак старога шарачку. Следчы забраў яго з сабой і пайшоў к трупу. Выявілася, што гэта адарвана ад нагавіц, якія былі на нябожчыку. Стала ясна: ён сядзеў на пні, бо іначай не мог зачапіцца за сучок. І, відаць, быў неспакойны, калі так рвануўся з пня.

Цяпер ужо ўсе ламалі галовы, чаго там нябожчык капаў зямлю і хто з ім быў другі, і ці быў той другі забойца, дзе ён дзеўся, дзе яго шукаць?

Да гэтага раптам пачалі далучацца ўсялякія чуткі і гаворкі. (Трэба яшчэ раз сказаць, што хоць не ўсё, а шмат што з гэтых гаворак, праз пэўны час, пацвердзілася як чыстая праўда.) Пачалі гаварыць, што нібыта, дзён таму назад дзесяць, хтосьці з гэтай мясцовасці быў, з прычыны нейкіх там сваіх інтарэсаў (здаецца па гонту ездзіў) па той бок гарадка, адсюль, значыцца, вёрст за шэсцьдзесят, калі не больш. І хоць там граніца далёка, нават, калі параўнаць з гэтай мясцовасцю, і вельмі далёка, аднак-жа конны вайсковец у форме пагранічніка спаткаў яго, чалавека, значыцца, з нашае стараны і пытаўся, ці не траплялася яму спаткаць на дарозе двох падазроных. Аднаго — добра ўжо-такі паджылага, другога — яшчэ ў самай сіле ма-