захады і не шкадаваць сіл на тое, каб як мага хутчэй выявіць справу. Тут прычына была іншая. Яна ляжала ў самай сутнасці адной вялікай і новай, небывалай справы, якая мела цеснае дачыненне, перш за ўсё да ўсёй гэтай мясцовасці, і цераз яе — і далей, да ўсёй краіны.
Мясцовасць гэта мела свой вельмі выразны характар. Калісьці Кандрат Назарэўскі, ідучы ранены на Скуратовічаў хутар дамагацца фурманкі, заўважыў быў такі пейзажны момант. З таго месца, дзе канчаўся ельнік і пачыналася дарога на хутар, відаць быў рог суседняга хвойнага ўзлеску. Гэта было вельмі блізка ад дарогі. Нізка над лесам ляжаў скошаны паплавец. Ён быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль запах гнілога карэння балотных раслін. З дарогі відна была стаячая крыніца — мініятурнае азярцо, з багністым крынішчам навокал. Вада з крыніцы неўзаметку сачылася па ўсім паплаўцы, сама крыніца была страшэнна глыбокая, чалавек самага высокага росту, з паднятымі рукамі ўгару, мог туды ўвесь схавацца. Вада была чорная, як туш — гэта быў водсвет чорных тарфяных берагоў і дна — як бяздонная прорва. У народзе гэта завецца „чортава вока“ (часамі „чорнае вока“, як дзе). Кандрат Назарэўскі тады спыніўся, углядаючыся. Гэта ўсё было — точная копія з таго, што ён прывык бачыць з самых сваіх малых год паблізу свайго роднага гарадка. У тую хвіліну на яго павеяла атмасферай маленства, калі была жыва яшчэ маці, калі ён быў яшчэ бесклапотнае дзіця. Цэлыя летнія дні праходзілі тады за горадам, сярод дрэў і вады.
З гэтага кутка пры Скуратовічавым хутары і пачаліся такія адзнакі мясцовасці. Чым больш ён ехаў на ўсход, тым часцей трапляліся на вочы