Цяпер сёй-той пачаў яго ўспамінаць. Выявілася, што некаторыя з работнікаў ЦК і Соўнаркома спатыкаліся з ім — то цяпер на працы, то ў часы партызаншчыны. Былі нават і такія, што калісьці з ім у лесе з адной торбы хлеб елі і пад адным кустом лапці плялі. Цяпер многія ўспомнілі, што за работнік гэты чалавек.
Такім парадкам Антон Несцяровіч быў выклікан у цэнтр. Тут ён быў нешта каля двух дэкад. Цэлымі днямі ён праседжваў у Дзяржплане і выходзіў адтуль шпаркай хадой, але з утомленым тварам. Ён доўга хадзіў па вуліцах, пакуль не прыходзілі ў роўнавагу ногі, нязвыклыя з шматгадзіннай нерухомасцю. Нарэшце ўсё было высветлена, вывучана, разабрана. Справа была скончана. Антон Несцяровіч ужо склаў свой чамадан і толькі цяпер здолеў пайсці пашукаць блізкай яму асобы. Гадзін за дзве да вечара ён увайшоў у карыдор даўжэзнага дома і акінуў вачыма нумерацыю над кожнымі дзвярыма. Увайшоў у пакой з двума вокнамі і чатырма зялёнымі жалезнымі ложкамі. Ніхто не азірнуўся на стук дзвярэй — такая пільная там ішла работа.
Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як-бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны. Галовы іх былі ўгнуты і нахілены адна да адной, як быццам яны за нечым пільна сачылі на стале.
— Ну, так сказана ці не? — зазвінеў раптам урачысты дзявочы голас. — Я казала, што не!
Усе чатыры раптам адагнуліся і ўтраіх глянулі на адну.
— Тады гэта не тут, а ў іншым месцы, я пераблытала, — сказала тая з дакорам.
Антон Несцяровіч пайшоў проста к сталу і ўбачыў там разгорнуты том Маркса.
— Добры дзень, — сказаў ён яшчэ нахаду.