Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/143

Гэта старонка не была вычытаная

ных думак. І ўсё гэта будзе ў самым цэнтры самага канкрэтнага і страшнага выкарчоўвання эксплаататарства і нявольніцтва з душы, можна сказаць, забітай, і выхавання душы, яшчэ не кранутай „вякамі“.

— Ну, то мы пайшлі, нам пара, — сказала рагатуха, працягваючы Несцяровічу руку. — Будзем знаёмы.

Несцяровіч прыўзняўся і паціснуў працягнутую руку. Тры дзяўчыны вышлі.

— Гэта я іх прагнаў?

— Ну, то што! Яны вернуцца вечарам. Трэба-ж нам пагаварыць. Можа да Кандрата?

— А ён тут? Ён-жа мне пісаў яшчэ з…

— Ён нядаўна зусім пераведзены сюды.

— Дай адрас. Не, лепш мы зараз зойдзем.

— Хадзем цяпер… А і праўда, я ўспомніла, дзе цяпер той кравец, ваш сусед?

— Я-ж там ужо многа год не быў, не ведаю.

— Гадоў таму назад чатыры, як Кандрат быў упаўнаважаным у тым раёне, то спаткаў яго раз у гарадку.

— А мы паедзем з табой зноў туды. Добра? Прыедзеш да мяне?

— Чаго туды?

— Я-ж туды еду. Балота сушыць, торф капаць, электрастанцыю рабіць. Я дзень пры дні над каштарысамі і планамі сяджу. Мяне назначылі гаспадаром усёй гэтай справы. Страшна… Дык канчай інстытут і — да мяне, туды, пад Дзве-Хаты, адпачыць, пакуль да працы. Адзявайся к Кандрату.

Ён увайшоў у ролю. Ірына закружылася навокал яго, не патрапляючы рукой у рукаў паліто. Ён падумаў, што гэта яна сумысля, так, як калісьці, малая, танцавала пад яго музыку „казачка“, або садзілася Кандрату на плечы.