Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/146

Гэта старонка не была вычытаная

проста абрываўся ўніз. Над самай вадой, над хвояй стаяў чалавек — плячысты, шырокатвары і чорнавусы. Выціраючы хустачкай вусы, ён не спускаў вачэй з маторкі і пасля пайшоў берагам, следам за ёю. Несцяровіч даехаў да месца і прыгнаў лодку к берагу; хапаючыся рукой за падкрыўчасты альховы пень, ён вылез на бераг. Рабочы, што быў з ім, пагнаў лодку назад. Несцяровіч пайшоў берагам. Чорнавусы чалавек неўзабаве дагнаў яго і, загаварваючы, пайшоў з ім разам. Даведаўшыся, што Несцяровіч хоча тут начаваць, ён запрасіў яго ў сваю хату. Несцяровіч увайшоў і здзівіўся:

— Пачакайце, гэта-ж Сцепуржынскага хата!

— Была, — адказаў чорнавусы. — А цяпер мая. Усе гэтыя тутэйшыя Сцепуржынскія, Богараўскія — параскулачваны гэтай зімой, і няма іх тут.

— А вы даўно тут? Тутэйшых людзей я ведаю.

— Не сказаць, каб даўно. З восені можна сказаць; так, замаразкамі тут асеў. Хата пустая пасля гэтага, як вы кажаце, Сцепуржынскага асталася, а я работы шукаў. Дамоўкі ў мяне, сказаць, свае не было. Я службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у ляснікі к пану ўбіўся, але доўга не набыў — не мог я з народам з-за панскага дабра ваяваць. У рэволюцыю пачаў быў сваю дамоўку заводзіць, але пажар здарыўся, згарэла ўсё. Не вельмі даўно, сказаць, было. От я так і астаўся. А цяпер і рад, што сюды прыблытаўся: тут-жа такая работа вялікая пачынаецца. Жыць можна будзе. Цяпер рабочы чалавек не прападзе.

Гаварыў ён так, нібы хваліўся сваім даўнейшым парабкоўствам. І тон гэты вельмі не спадабаўся Несцяровічу. З-за гэтага тону ён адразу не ўзлюбіў чалавека. Ён запытаў яго прозвішча.