жыве. Калі які іншы майстар не забег наперад, то работа павінна знайсціся.
Недалёка ад дарогі купчасцілася некалькі дубоў. За імі ішлі загоны бульбы. Там корпалася жанчына. Завязваючы торбу і дажоўваючы хлеб, кравец рушыў туды. Жанчына была зусім маладая, з выгляду яшчэ зусім дзяўчына. Яна капала бульбу. Каля мяжы ў калысцы спала дзіця.
— Памагай бог, — сказаў кравец, падыходзячы. — Бульбу капаеце? Дзіця як спакойна ваша спіць! Гэта мусіць першае ў вас дзіця… Дык-жа нічога бульба, урадзіла, ого! Тут у вас зямля — наўдзіў! На такой зямлі можна жыць. Ці не чулі, можа каму тут кажухі трэба шыць?
— Ідзіце унь туды, — паказала жанчына рукой на лес. — Там жыве Сцепуржынскі, у яго і авечкі, і аўчыны свае. Там вам напэўна работа знойдзецца.
— То і ў вашай старане ёсць Сцепуржынскія?
— А вы самі не тутэйшы?
— Дзе бачылі! Я здалёк. Хаджу па свеце, талент мой, братачка, такі.
У гэты час з палетка падышоў чалавек, вельмі малады, такі самы як і жанчына. Убачыўшы на сваім палетку незнаёмага чалавека з завязанай торбай пад пахаю, ён цікаўна пачаў прыслухоўвацца і прыглядацца.
— Я тут бываў, — гаварыў кравец. — От зямля ў вас! Ні то што ў нас. Каб на такой зямлі асесці, — божа, божа!
Маладому чалавеку здалося, што раз незнаёмец сказаў, то ўжо і асядае тут на зямлю. І, сам таго не заўважаючы, ён, няма ведама чаго, устрывожыўся. У голасе яго загучэла злая зайздрасць.
— Няма ў нас тут вольнай зямлі. Сказаць праўду, то раней была, але народ падзяліў. А што