Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/150

Гэта старонка не была вычытаная

— А як яго сястра завецца? — праверыла маладая жанчына, бачачы, што краўцова слова плыве, як жыта з-пад малатаркі.

— Ірынка завецца, такая ўвішная.

— То Назарэўскі вялікі начальнік? — сказаў малады чалавек з нейкім дрэнна схаваным ажыўленнем.

— Вялікі.

— Можа ў нас чалавек няхай паначуе, — сказаў малады чалавек жанчыне. — А заўтра пойдзе сабе работы шукаць. Куды чалавеку ісці на проці ночы.

Неўзабаве жанчына павезла ў калясцы дадому дзіця, а малады чалавек пассыпаў у мяшок бульбу і пайшоў з краўцом паўз мяжу. Ён разгаварыўся і пачаў расказваць краўцу пра сябе:

— Я ў гэтага самага Скуратовіча некалі каровы пасвіў. А гэта зямлі ўзяў. Гэтым летам на свайго каня ўзбіўся. Каровы яшчэ не маю. Бульба, дзякуй богу, ніштаватая гэты год.

— А даўно жанаты? — цікавіўся кравец.

— Першае дзіця, чатыры месяцы як радзілася. Жонка таксама служыла. Бацьку яе і малога брата бандыты забілі.

Яны гаварылі, аж пакуль не прышлі дахаты. Гэта была малая хаціна, яшчэ няскончаная. Быў толькі зруб. Вокны без шуфлядаў і шалёўкі. Шыбы з рамамі ўстаўлены дачасу і дзіркі паміж імі і бярвеннем пазатыканы анучамі і кудзеляй. Так былі толькі два акны. Другія два зусім забіты дошкамі. Сянец не было, і страхі не было. Столь была прыкрыта ад дажджоў у адзін схіл саломаю пад колас.

— Усяго адразу не зробіш, — гаварыў малады чалавек. — Так перазімую, а там — пакрысе зробіцца.

Кравец пераначаваў у гэтай хаце і назаўтра сапраўды знайшоў у Сцепуржынскага работу. Раз-