Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

выпрошванне! Гэта ў суседа просіш, ці ў самога гэтага Назарэўскага? Гэта-ж усё казённае, дзяржаўнае!

— Пагаварыўшы, папрасіўшы, тымчасам… Хррр-цьфу!

— Яно-ж так.

Чалавек закурыў і падаўся з хаты. Кравец рушыў за ім. Пры дзвярах спыніўся і выпіў кварту вады. Жанчына ўвайшла ў хату і дастала з печы ваду купаць дзіця. Яна непрыхільна паглядзела на краўца.

— Жывучы, усё бывае, — уздыхнуў кравец. — Чалавек на свеце жыве, жыве…

— А тады што? — зірнула на яго жанчына.

— Я-ж кажу, усё можа быць, Хрр-цьфу. (Пайшоў з хаты.)

— Здружыліся роўны з роўным… Божа мой, што гэта за чалавек, за якога я замуж пайшла! (Сляза ўпала на дзіцячы твар.) Як у мяшку жывеш з гэтым чалавекам.

— Як у мяшку? — абазваўся муж, з‘яўляючыся на парозе. — А што я вінен? Не паможаш сам сабе, то хто табе паможа!

— Ты і некалі сам сабе памагаў, а выходзіла, што Скуратовічу.

— А што ты тады памагла-б маёй сям‘і? Языком малоць кожны можа! А каб ты сабе памагала, а не чорт ведае каму і чаму, то бацька і брат і дагэтуль жылі-б! Ты памагала ўсяму свету, а сама гінула.

Такая гутарка не была ў навіну ў гэтай хаце. Жанчына нагнулася над дзіцём. Яна зноў плакала, гаворачы:

— Я думала, што дзіця гэтае шчаслівейшае за мяне будзе… Па такой самай дарозе ты яго павядзеш.