Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/155

Гэта старонка не была вычытаная

чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы, недзе, здаецца, далёка на захад, дзе (ён заўсёды расказваў) зямля лепшая, дзе людзі лепш жывуць і работы больш. Як-бы там ні было, а ён ужо даўно не з‘яўляўся дадому. І гэта было нікому не ў голаў. Тут адбываліся большыя справы.

К маю месяцу стаялі чатыры баракі. Ужо капалася першая асушальная магістраль. Рабочыя ўжо абжыліся. Вечарамі гарэлі агні на ўзлесках. Начная птушка абзывалася нясмела.

Апошнімі днямі мая месяца была пераведзена сюды з цэнтра вялікая сума грошай, з сродкаў, асігнаваных на справу ў часы складання планаў. Грашовыя знакі былі пераведзены ў раённы банк.

3

Была восень. Цёплыя туманы стаялі над зямлёю, і ціхімі раніцамі здалёк чуваць было, як шуршыць жоўтае лісце. Пад поўдзень выбівалася з туману сонца, трава і дрэвы яснелі, лясы як-бы адыходзілі далей, неба ўзнімалася вышэй. Пахла кара на дрэвах, нікла пры дарогах бадыллё. Свет стаяў навокал, поўны вялікай сваёй прыгожасці.

Дзіця выходзіла на дарогу. Восенныя кветкі жаўцелі над прывялай травой, у вадзе люстравалася неба і зубчасты верх лесу. Усё было поўна вялікага і таемнага сэнсу. Дзіця ішло да абрыву дарогі ўніз. Дробныя птушкі ўзляталі перад ім і абзываліся з прыдарожных зараснікаў. Дзіця азірнулася — нічога ўжо не было відно, апроч спусцістай дарогі і неба над ёй. Дзіця пайшло назад, паднялося на ўзгорак і — зноў шырыня свету — зялёныя хвоі, жоўтыя дубы, шэрае поле; дом відзён; хата, арабінка з пучком чырвоных ягад, дробных птушак многа на страсе! Дом, значыцца, блізка, можна