рагатнуў: „Але-ж і пакорпаўся ў зямлі! Да сёмага поту працаваў! Злаваў на ўвесь свет і пайшоў, як мыла з‘еўшы. Хэ-хэ!“ Тут ён спалохаўся свайго голаса: „пра гэта трэба ні то што не гаварыць, нават і не думаць. Канец! Не трымаючыся стараны, то спакою не будзе. Я тут чалавек старонні. Я нікога не забіваў і крыўды нікому не зрабіў на самае найдрабнейшае каліва!“
Поўны нервовай узбуджанасці, ён прайшоў пад сваё гумно і назад ішоў паўз агарожу. Нага яго пакаўзнулася на вільготнай зямлі і паехала ўніз з узмежку. Адгэтуль пачалася яго новая думка: так раскоўзана была зямля на рачным беразе, на спуску к вадзе, непадалёка ад трупа. Як-бы хтосьці некалькі разоў спускаўся ўніз і назад паднімаўся. „Можа яны там хавалі ўкрадзеныя грошы?“ Думка была наіўная, але ён доўга не раздумваў. Думкі яго рваліся, кідаліся, блыталі адна адну.
Ён тузануўся з месца і пайшоў к лесу. За хвілін пятнаццаць ён быў на ўзлеску пры рэчцы. Неўзабаве нага яго ўжо абмацала заўважаны ім раней раскоўзаны спуск к рэчцы. Ён сеў на яго і з‘ехаў уніз. Упёрся абцасамі ботаў у жвірыстае дно плыткай ручаіны. Ён абшнарыў усе кусты і норы пад каменнямі. Нічога там нідзе не было. Ён вылез наверх і падпёр плячыма хваіну. Мокрыя ад поту валасы ліплі яму да ілба, каўнер рубашкі душыў яго. Аддыхваўся доўга, пакуль не стала яму холадна. Тады паварушыўся. Ён быў у гэты момант зусім спакойны. Дзіўная рэч, расчаравання ніякага не было. Гаварыў сам з сабой: „от зараз узыйдзе месяц, тады пабачым“. Месячнага святла ён прычакаў неўзабаве. Яно цадзілася з таго боку, дзе калісьці быў Скуратовічаў хутар, а цяпер, крыху ў баку адтуль, стаяла яго хата. Ён пайшоў сцежкай паўз лес. Хата яго стаяла