ціха, у ёй спалі. Ён быў няўтомны ў сваіх пошуках. Праз колькі хвілін ён апынуўся каля грушавага пня. На раскапанай тады і ўплясканай дажджамі зямлі былі яшчэ сям-там незраўняныя гузы. Месяц стаяў ужо над ельнікам, пень ад дзічкі здаваўся белым. Чалавек сеў на пень.
„Дзе ты тут будзеш шукаць тых грошай! Не можа быць, каб яны іх тут закапалі. Для гэтага не трэба было так многа зямлі раскопваць. Ясна, чаго яны тут зямлю капалі і хто гэта капаў. Забіты, значыцца, Седас. А той чорт зямлю капаў. Але-ж нашто ён Седаса забіў? Каго іншага, а Седаса ён будзе біць? Можа гэта не Седас? З‘явіліся яны сюды, каб тут у зямлі пакорпацца? Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Банк абакралі яны? То чаго яны забрылі так далёка адсюль, калі ім трэба было толькі тут пабыць? Седас гэта ці не? І ён сядзеў на гэтым самым пні і можа ўжо тут яго біць пачалі?“
Жах раптам апанаваў чалавека, набыўшы адценні містычнасці. „Адзін тут, на гэтым месцы, дзе адбыліся такія страшныя і няясныя справы?“ Ён подбегам кінуўся адгэтуль. Дайшоўшы да хаты, ён пасмялеў і думаў: „а ўсё-ж такі ёсць чалавек, адзін, які больш як хто іншы можа здагадвацца аб праўдзе ва ўсёй гэтай справе і гэты чалавек — я“. Тут была пэўная даніна самаздавальнення.
Каб нікога не будзіць, ён лёг у адрынцы, прадрамаў на канюшыне да ранку, а тады быў ужо такі, як і заўсёды: выбіраўся на поле, хадзіў паволі, падкармліваў перад работай каня. Сказаў на жонку:
— Ну, скарэй збірайся, от-бо паварочваецца!
Выбраўся на поле на цэлы дзень з плугам, — зябліць. Быў той дзень хмурны, туманны, лес стаяў мокры і не зварухнуў голлем. Чалавек араў