Такім адчуваннем поўнілася ўся яго душа, калі ён нёс знойдзеныя грошы.
Чым бліжэй падыходзіў ён дадому, тым трывожнейшы рабіўся. Раптам усё гэта пачало яго гнясці і мучыць. У адну хвіліну ясныя колеры зменьваліся змрочнымі, пасля зноў успыхвала яснасць. Так бывае ў слабавольных натур. У моцных-жа гэта бывае ў моманты найвялікшых утрапенняў, калі ўжо і ад самага мацунку іхняй натуры на той момант мала што астаецца.
Міхал Тварыцкі ўвайшоў у хату ціхом і вінавата паглядзеў на жонку.
— Цэлы дзень ты недзе хадзіў?
— Усялякія інтарэсы.
— Ты зноў стаў нейкі дзіўны. Туляешся, мала гаворыш, людзі бачылі, што ты нечага паўз лес і па лесе ходзіш, кінуўшы араць. Што ты, зноў грошай шукаеш, ці што?
Гэтае слова патрапіла ў самую цэль. Яна ўсломніла тыя дзве першыя трохрублёўкі і сказала жартам, а ён збялеў, збянтэжыўся. Але адагнаў ад сябе гэтую слабасць адразу. Ён гукнуў:
— Ідзі ты к чорту!
Яна жахнулася: можа і праўда грошай шукае, калі спачатку так сумеўся, а пасля так хваравіта крычыць. Раптам яе страсянула думка, у якую яна і сама не верыла: а можа гэта ён сам прычынен як-небудзь да таго забойства? Бо што з ім робіцца? Яе яшчэ пеканула думка пра тое, што як гаварыў ён ёй тады навіну пра труп і знойдзеныя дзве трохрублёўкі, то сказаў, „каб нікому ні слова“. Што-ж ён такое не сказаў мне, пра што трэба маўчаць?
— Слухай, Міхалка, — паклала яна яму рукі на плечы, — ты мне ўсё скажы, што цябе мучыць. Ты нешта хаваеш ад мяне.