Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

лёўкі. Што ён ад мяне, ад людзей, ад следства, ад улады хавае? Чаму ён такі? Ці ён напалохан чым-небудзь і шукае для сябе толькі аднаго ратунку?“

Яна была так аглушана, што сама з сабой гаварыла. Такі кірунак думак паказваў на яе здатнасць думаць і разбірацца ў справах.

Яна сядзела так доўга. У цмяным святле ліхтара постаць яе была вялікая, важная. Рыжаватыя валасы густа звісалі над скронямі, твар, ледзь крануты рэшткамі не сышоўшага яшчэ з лета загару, быў у гэтыя моманты як акамянелы. Яна чула, як ён устаў, як грукаў ботамі, як грукаў нечым драўляным — шукаў мусіць грошай. Нарэшце ён увайшоў у хату і нічога не сказаў. Моўчкі перапароў шуфляду ў стале, перамацаў кішэні ў вопратках.

— Грошы згубіў! — сказала яна з пагардлівым здзекам.

Ён маўкліва паглядзеў на яе.

— У мяне твае грошы. На. Дзе ты іх узяў?

— Зарабіў.

— Каля трупа?

— Знайшоў на дарозе.

— Гэта пра іх казаў, што каб нікому ні слова?

— Пра іх.

— А колькі больш знайшоў.

— Больш не.

— Брэшаш!

„Яна ведае, падглядзела. Ці на маны гаворыць, ловіць мяне? Мая ўласная жонка ловіць мяне?“

— Сціхні! Дай есці, мне трэба за работу брацца!

— Прызнайся мне ва ўсім.

— Ты лазіш уночы па маіх кішэнях? Шукаеш у мяне пад галавою? Я напрацуюся за дзень і сплю,