Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/172

Гэта старонка не была вычытаная

Ён адапхнуў яе і вышаў. Праз хвілін дзесяць ён выехаў з плугам на поле і араў цэлы дзень. Увечары прыехаў, моўчкі з‘еў хлеба і кінуўся на пасцель.

— Зося, — сказаў ён, шукаючы прымірэння. — Мне холадна, накрый мяне зверху чым… Ты гэтыя грошы трыста рублёў занясі ў сельсовет і аддай, і скажы, што пры дарозе ў лесе знайшлі. Скажы, што нядаўна, што ўчора знайшлі. А то будуць пытацца, чаму раней не аддалі. Скажы, што ты знайшла, бо мяне ўжо два разы дапытвалі. А на цябе нічога і думаць не будуць, на цябе там вока маюць, ты ў сельсовеце ўсёадно, як дэлегатка якая лічышся.

— Не, ты грошы сам аддай. І ўсе аддай. Я табе не веру, што трыста рублёў. Падумай сам, як-жа я табе буду верыць! Ты-ж мне праўды не гаворыш, каб я сама не знайшла, то ты ад мяне таіўся-б. Падумай сам — гэта не якія-небудзь Скуратовічавы грошы, гэта з дзяржаўнага банка ўкрадзены. Як я гавару, так ты і зрабі. Я не пайду. Што-ж ты маўчыш?

— Вон!

Ён усхапіўся, хапіў пад паху кажух і кінуўся ў пуню. Яна чула з сянец, як ён, пакуль заснуць, доўга стагнаў там і лаяўся.

Так пайшлі дзень за днём. Яна яму не верыла аніяк. Яна была ўпэўнена, што ён штосьці ведае пра ўсе гэтыя справы і маўчыць. А можа нават сам туды ўмешан? З яе думак не выходзілі колішнія справы з Скуратовічам, калі яму было чатырнаццаць год. З кожным днём яны ўсё больш пачыналі ненавідзець адно аднаго. Грызня была траха не кожны дзень. Ім было праціўна быць блізка разам. Тую работу, якая вымагала гэтай блізасці, яны стараліся як мага хутчэй скончыць,