Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/173

Гэта старонка не была вычытаная

збыць з рук. Так яны малацілі ў два цапы, так ссыпалі ў пограб бульбу. Калі малацілі, то першы пасад збілі абы як. Пасля заўважылі, што ў каласах асталося шмат зерня. Праклінаючы ў думках увесь свет, яны перабілі салому нанава. Нарэшце пачалі рабіць работу па адным. Так было ім лягчэй. Яна дамагалася ад яго праўдзівага прызнання. Ён або адмоўчваўся, або крычаў і лаяўся. Нарэшце прышоў момант, калі зроблен быў канец усёй гэтай пакуце.

Быў марозлівы дзень. Снегавыя хмары стаялі над лесам. Зося цэлы дзень малола ў жорнах. Ён нешта корпаўся ў гумне. Перад змрокам яна села на парог, глядзела на прымерзлую зямлю. На душы ў яе было чорна, ад жорнаў балелі рукі і плечы. „Больш ніколі не буду малоць. Нашто мне гэтак рвацца!“ Ён ішоў з гумна.

— Што, утамілася? Гэта цябе нічому не вучыць?

— Вучыць. Больш так мучыцца не буду, калі навокал млыны стаяць.

— Ага! А там дарма табе зробяць? Ты хочаш усё ад сябе раскідаць і каб было за што па-панску жыць, каб лёгка рабіць, каб не самому, а каб недзе табе ўсё гатовае, зробленае… Каб гэтыя трыста рублёў я і ўтаіў, то гэта на згубу нам пайшло-б? З банка прапала, то туды больш прывязуць і пакладуць, банк пуставаць не будзе. А тут — жыць лягчэй можна было-б! У цябе адна рука не ведае, што робіць другая.

— Ты на такую дарогу ідзеш? Ты так думаеш ратавацца?

— А, ты зноў? Гэта ніколі не будзе. Грошы можна аддаць, а гаспадаркі рашаць я не буду. Каму я аддам яе? Калгасу? Каб там усё згінула, прапала?