Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/176

Гэта старонка не была вычытаная

ным святле, якое хутчэй было падобна да цемрыва, ён абчэсваў бервяно. Гэта не была пільная работа, але вельмі можа быць, што яна была яму тым, чым ёсць у пустыні страусу пясок, куды ён хавае ад страху сваю галаву. Ці было страшна гэтаму чалавеку цяпер? Не. Гэта можна сцвярджаць. „Уласная жонка не згубіць мяне“. Але трывога, вялікая, незразумелая, змагалася ў ім з спакоем. І ён тапіў яе ў працы. Ён біў з-за вуха сякерай, гэты працавічок, лічачы сябе нявіннай ахвярай перад усім светам, і вельмі-ж перад жонкай. А як-жа! Ён-жа хіба забіваў каго, ці абкрадаў, ці грабіць хадзіў? Гэтая нявінная авечка сваімі рукамі не прычынялася ні да якога злачынства. Гэтая авечка арала і сеяла, і ў гэтую восень яшчэ больш, як калі, працавала! Хіба яна не выпаўзла з плугам на поле, калі людзі яшчэ спалі? А грошы? Яна іх знайшла, а не крала!

„Жыццё-ж няпэўнае, і кожнае стварэнне сваё месца павінна абгарадзіць… Дзіцё малое! Слабенькая дзяўчынка! Можа бацьку заб‘юць на вайне калі-небудзь, а яна астанецца басаногая сірата. Хіба не павінен бацька падбаць пра яе? А тая справа, на якую гэтыя грошы былі прывезены ў банк? А што яму да таго! Гэта ўсё чужыя людзі, ён іх ніколі не бачыў і можа бачыць не будзе. Пайдзі, паспрабуй, папрасі ў іх чаго. Дадуць? Ніколі. Прыдбаеш — будзеш мець. А не прыдбаеш — не будзеш мець“.

— Слухай, — перарвала жонка яго думкі. — Я заявіла.

Ён выпрастаўся над абчэсанай дзеравячынай, спусціў да нагі сякеру. Абцёр рукавом пот з ілба. Штосьці накшталт усмешкі з‘явілася на яго цёмным ад брыдкага святла і неахайнасці твары.

— Заявіла.