Праз хвіліну ён пусціўся бегчы. Так дабег да бліжэйшай хаты. У вокнах свяціўся агонь.
— Зайдзеце зараз-жа да Міхала Тварыцкага! — гукнуў ён у самую шыбу.
І адразу адскочыў ад акна, каб яго не пазналі. „Дзіця яшчэ зусім малое“ — мармытаў ён, ідучы полем. Цяпер ён ішоў зусім паволі. Ногі як-бы прыросталі да зямлі. Перад ім ціха чарнеў лес. Выносістыя хвоі як застылі. Ён прыпёрся плячуком да дрэва. Загрымела ў вушах, віхор іскраў рвануўся ў вочы. Шпаркай хадою кінуўся ўдоўж сцежкі. От рэчка. Праз лёд дзесьці прабіваецца вада. „Тут ляжаў Седас! Седас ці не? Седас, гад, так яму і трэба“. Не думаючы, ён пайшоў проста цераз рэчку на той бок. Лёд праламаўся, ён праваліўся па пояс у ваду. Ломячы лёд, рушыў назад к берагу, вылез наверх і ўжо, каб сагрэцца, пабег. Як дабег да свае хаты, зусім задыхаўся. Горача было. Мокрая адзежа ацякла і правяла. У хаце гарэлі дзве лямпы і былі людзі. Ён сеў на прызбу і пачаў слухаць, што гавораць. Ніводнага слова не разабраў. Пайшоў назад пад гумно, абышоў яго. Каля задніх дзвярэй нагнуўся, грабянуў рукой. Дробная кара з дрывотніка граблася ў пальцы. „За такія мае пакуты аддаць ім грошы? Не знойдуць! Трыста рублёў знайшоў і ўсё… Нашто я сякеру кінуў! Божа мой, гэта горш як грошы. Увайсці цяпер у хату? Сыйсці зусім з гэтай мясцовасці?“
Ён паволі ішоў паўз гуменную сцяну. Бралася на дзень, неба палавела, шэрыя палотны цягліся на ўсходзе.
— Хто? Стой!
Ён прыціснуўся к сцяне.
— Выходзь! Хто? Страляю.
Ён пачуў сухі стук вінтовачнага жалеза. Сілуэт