Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/185

Гэта старонка не была вычытаная

„Яна гаворыць праўду, шчыра“ — думаў ён.

Яны маўчалі хвілін пяць. Назарэўскі курыў, папрасіў вады.

— Дзе ваша сястра цяпер, Ірына?

— Вы яе ведаеце?

Яна пачала расказваць пра колішні разбураны вакзал у гарадку, перадала сцэну з Ірынкай і старым чалавекам з мехам, які бачыў у Ірынчыных пакутах хітрасць. Назарэўскі сказаў:

— Ірына скончыла інстытут. Паехала гэтым летам у госці да Несцяровіча, начальніка пабудовы электрастанцыі на балоце каля Двух-Хат (яна ў яго жыла некалі, малая) і цяпер там асталася працаваць: на пабудове шмат людзей з сем‘ямі і дзяцьмі, папрыязджалі здалёк, прышлося там адмысловую школу адчыніць і дзіцячы сад. Гэтым яна і загадвае. Несцяровіч клапаціўся, каб яна там асталася… Я на вас спадзяюся, я вас ведаю з даўных часоў, вы паможаце нам у следстве.

Яна думала: „І пра Ірынку ён са мной шчыра гаварыў, і пра мяне, і пра першае спатканне на Скуратовічавым полі, а тут, у гэтай справе, ён угаварвае мяне, усялякія намёкі робіць, не дагаварвае да канца, маўчыць — не верыць мне? І гэта той адзіны чалавек, якому я хацела-б без канца гаварыць пра ўсе свае цяжкія хвіліны“.

Назарэўскі гладзіў па галаве Славу.

— Як ты завешся, малая?

— Слава.

— Ты думала на мяне, што гэта вайна?

— Бо вайна страшная.

— А ты вайну бачыла?

— Тата казаў.

— А я хіба страшны?

Слава схавала твар, адвярнуўшыся к маці. Назарэўскі яшчэ пагладзіў Славу па галаве. У на-