ложак, куляўся там, заходзіўся бесклапотным смехам.
— Чалавека пабудзіш! — сцішала яго яна.
Кандрат Назарэўскі падняў галаву. Яна пазнала яго і не здзівілася, толькі глядзела на яго так, быццам чакала нейкага растлумачэння. Ён расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся.
— А пакуль фурманку дастаў гэтую, дык патузаўся з гэтым Скуратовічам.
— Я таго і дадому прышла, што бяда мне цяпер будзе. Я без усялякай хітрасці сказала, што коні яго ў лесе, а пасля адумалася, што ён-жа і сам ведае.
— А каб вы спачатку адумаліся, дык-бы не сказалі?
Яна зразумела, што гэтым хацеў сказаць чырвонаармеец, і адразу не магла адказаць. Яна загаварыла як быццам пра іншае.
— Я не ведаю, што мне цяпер рабіць. (Вочы яе заблішчэлі ад слёз). Я ўжо баялася быць там, мяне там елі-б, грызлі-б. Ужо дзён тры мне спакою не будзе. Мне трэба было да поўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Там ужо гаспадыня панясе гэтаму Толіку ў ельнік есці, дык той ёй раскажа ўсё. Яна мяне заесць. Я дадому сюды прыбегла, аж бачу, Скуратовіча конь стаіць. Мы крыху сваякі.
Яна заплакала. Кандрат Назарэўскі неўзаметку ўваходзіў у справы чужога жыцця. Яны цяпер былі з гэтай дзяўчынай умешаны ў адну справу, як быццам змоўшчыкі яны былі. Спалоханы плачам сястры, хлапчук паглядаў на яго з кутка.
— А вы зусім кінуць служыць не можаце?
— Тады трэба будзе да каго іншага ісці.
З шчырай даверлівасцю яна пачала расказваць