пра сваё парабчанства, пра свайго бацьку, пра Скуратовіча. Цяпер гэта ўжо не была тая наіўная дзяўчына, што так неспадзеўкі і проста ўспомніла гаспадару пра коні ў ельніку. Яна нават своеасаблівым парадкам давала ацэнкі некаторым справам і людзям. Тут яна выявіла сталую спрактыкаванасць. Яна расказвала пра Скуратовічаў тое, што сама бачыла і што магла чуць ад людзей, за яе старэйшых.
Як ужо быў Скуратовіч за аканома ў пана, узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані пакаёўкай. Раптам з‘явіўся на даляглядзе чалавек. Гэта быў Стафан Седас, панскі сырнік. Скуратовіч і цяпер як мае быць не ведае, адкуль ён быў родам, гэты Стафан Седас. Ні то з-пад Гародні, ні то з-пад Сувалак, а можа нават і з-пад самай Варшавы. Бачыў і ведаў Скуратовіч толькі адно: чалавек гэты з добрай галавой, не любіць мужыкоў, выглядае панам, умее добра з панамі абыходзіцца, а як пачне гаварыць — то не спаў-бы, не еў-бы, а ўсё слухаў-бы. Адным словам, чалавек, можна сказаць, культурны. Ён і пра сямейныя інтымнасці ўсіх навакольных паноў, і пра гешэфты павятовых скупшчыкаў і перакупшчыкаў, і, нават, у вясёлую хвіліну, калі ў галаве туманіцца хмель, пра заляцанні старога пана да аптэкаравай жонкі ў мястэчку. І раптам гэты чалавек, гэтакі добры знаёмы, гэтакі прыемны госць, робіцца Скуратовічавым сваяком — бярэ замуж панскую пакаёўку, Скуратовічаву сястру. Пан адчыняе другую сыраварню, і Стафан Седас робіцца майстрам у двух маёнтках адразу. Складаецца цікавае сяброўства: хутаранец Скуратовіч, сыравар Седас, местачковы арганіст і панскі садаўнічы. Седас страшэнна ненавідзіць праваслаўе, а значыцца і папоў. Ён паважае ксяндзоў, а Скурато-